Напярэдадні свайго юбілею - 25-годдзя з дня заснавання - ГА СК “Аматар” працягвае наладжванне міжнародных сувязяў і пашырае свае замежныя кантакты. Так, у сакавіку б.г. была падпісаная Дамова аб супрацоўніцтве з футбольным клубам “Лакетэк” Бжэсьць Куяўскі, Польшча. Бжэсьць Куяўскі з насельніцтвам 4,5 тыс.чал. знаходзіцца ў 180 км на паўночны захад ад Варшавы.
GKS “ŁokietekPetrokan” Brześć Kujawski (прэзідэнт клубу – Дарыюш Левандоўскі) быў заснаваны ў 1968 годзе. На сённяшні дзень выступае ў ІІ групе Акруговай Куяўска-Паморскай клясы і з’яўляецца лідэрам свайго дывізіёну пасля 22-х тураў з 43 пунктамі.
Нядаўна прадстаўнічая дэлегацыя з Бжэсьця Куяўскага на чале з бурмістрам горада Войцехам Завідзкім наведала наш горад з мэтаю усталявання сяброўскіх кантактаў у разнастайных накірунках сацыяльнай дзейнасці. Адным з такіх напрамкаў, натуральна, з’яўляецца спорт. У рамках спаборніцтваў у Польшчы GKS “Łokietek” знаходзіцца ў лідэрах акругавай лігі і мае неблагія перспектывы ў падвышэнні статуса. Але, як паінфармаваў адзін з прадстаўнікоў клуба, Томаш Войтчак, утрымацца на больш высокім узроўні было б справай вельмі цяжкай, таму што склад каманды арыентуецца выключна і толькі на сваіх выхаванцаў. Дарэчы, у групе падрыхтоўкі каманды налічваецца каля ста юных футбалістаў. Супернікам гасцей пад час візіту выступіла брэсцкая каманда “Брестжилстрой” (начальнік каманды – Аляксандр Кавальчук). Трэба адзначыць асобна, што менавіта, “Брестжилстрой” адразу адгукнуўся на прапанову стаць сталым партнёрам GKS “Łokietek”, а генеральны дырэктар гэтага прадпрыемства Аляксандр Іванавіч Раманюк зрабіў усё магчымае, каб польскія футбалісты адчувалі сябе камфортна. Зразумела, што не абыйшлося без таварыскага матчу, які адбыўся на запасным полі спартыўнага комплексу “Брэсцкі” на вул.Гогаля. Чэмпіён Брэсцкай вобласці падыйшоў да гульні настолькі сур’ёзна, што нават не прыняў пад увагу вячэрне-ранішняе наведванне гасцямі рэстарацыі “Венецыя”. Як вынік, толькі ў першым тайме Якімчук і кампанія адгрузілі ў сетку расчараваных супернікаў ажно пяць мячоў. Пасьля перапынку адбыліся масавыя замены, і толькі тады Біллі Абат, - у якога маецца таксама і брытанскі пашпарт, і які адначасова выконваў функцыі гульца і трэнера, - са сваімі калегамі змаглі забіць адзін гол, які, хацелася б спадзявацца, прынёс хоць нейкае задавальненне ў не самы цёплы і сонечны вясенні дзень… Праз некаторы час брэсцкая каманды выедзе ў Польшчу на матч у адказ. Хочацца думаць, што ўзаемныя кантакты будуць працягвацца.